|
УКРАЇНСЬКО-БІЛОРУСЬКА СПІВПРАЦЯ: ВИСТАВКА "ПРАВДА ПРО КУРОПАТИ"Після демонстрації в Києві документально-художня виставка «Правда про Куропати. Факти. Документи, свідчення» експонуватиметься в інших містах України.
Серед міст, де передбачається експонування є Харків, Чернігів, Житомир, Луцьк, Тернопіль та Львів.
Пропонуємо вашій увазі відгук наших колег з Білорусі про співпрацю в рамках цієї виставки. Надаємо текст мовою оригіналу.
Пасля дэманстрацыі ў Кіеве дакументальна-мастацкая выстава «Праўда пра Курапаты. Факты. дакументы, сведчанні» паедзе па Украіне.
Пра гэта было дамоўлена на працоўнай сустрэчы аўтараў выставы з беларускай грамадзянскай ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» з дырэктарам Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці (УІНП), доктарам гістарычных навук Володзімірам В’ятровічам. Сярод гарадоў, дзе мяркуецца экспанаванне выставы, спадар Володзімір назваў Харкаў, Чарнігаў, Жытомір, Луцк, Цярнопаль і Львоў.
Сярод іншых напрамкаў супрацы беларускай грамадзянскай ініцыятывы з украінскай дзяржаўнай установай, якая мае статус міністэрства, — пошук імёнаў ахвяраў сталінізму, у тым ліку грамадзянаў Беларусі ва Украіне і грамадзянаў Украіны ў Беларусі, а таксама ўсталяванне ў Курапатах Украінскага крыжа дзеля ўшанавання памяці ўкраінцаў — ахвяраў чырвонага тэрору ў Беларусі.
Эксперты маюць даныя на амаль 80 тыс рэпрэсаваных і рэабілітаваных у Беларусі грамадзянаў нашай краіны і замежжа (гэта толькі невялікая частка рэпрэсаваных і, мажліва, каля паловы рэабілітаваных). З іх — 865 асобаў пазначаны па нацыянальнасці як «украінцы», у тым ліку 147 — засуджаныя да «вышэйшай меры пакарання». Сярод іх — 42 украінцы, расстраляныя ў Мінску, мажліва, і ў Курапатах.
Гаворка ідзе пра неафіцыйна атрыманыя звесткі з «Базы даных па персанальнаму ўліку грамадзян Беларусі, якія былі неабгрунтавана рэпрэсаваны па палітычных матывах і рэабілітаваны ў наступныя гады». Гэтая база ў выглядзе персанальных уліковых картак па матэрыялах архіваў КГБ, Вярхоўнага суду, Вайсковай пракуратуры і МУС аб грамадзянах, якія былі рэпрасаваныя ў Беларусі з 1917 па 1953 гады, стваралася ў 1992-1998 гадах айчынным Камітэтам па архівах і справаводству.
Дарэчы, УІНП ужо накіраваў у Міністэрства замежных спраў Украіны ліст з прапановай аб усталяванні ў Курапатах Украінскага крыжа.
18 траўня дэлегацыя экспертаў (культуролаг Вацлаў Арэшка, мастак Генадзь Драздоў і аўтар гэтага артыкулу) удзельнічала ў адкрыцці выставы «Праўда пра Курапаты», падрыхтаванай беларускай грамадзянскай супольнасцю ў партнёрстве з УІНП.
Выстава экспануецца ў будынку інстытута — былога маёнтку графіні Уваравай, дзе ў 1937-1938 гадах месцілася Кіеўскае абласное ўпраўленне НКУС Украіны. У гэтым будынку масава расстрэльвалі асуджаных да вышэйшай меры пакарання, у тым ліку па прысудах тройкі абласного ўпраўлення НКУС. Расстраляных па начах на бартавых грузавіках-палутарках ГАЗ-АА, крытых брызентам, вывозілі на спецдзялянку НКУС у Быкаўнянскім лесе пад Кіевам, дзе трупы ахвяраў скідвалі навалам у загадзя падрыхтаваныя ямы, а затым засыпалі вапнай і закідвалі зямлёю.
Мы наведалі нацыянальны гістарычна-мемарыяльны запаведнік «Быкаўнянскія магілы» і ўшанавалі памяць бязвінных ахвяраў сталінізму, у тым ліку брата народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля Уладзіміра Брыля, расстралянага ў 1938-м за шпіёнскую і падрыўную дзейнасць на карысць Нямеччыны і рэабілітаванага праз 20 гадоў.
За падрыхтоўку выставы ў Кіеве неабходна падзячыць усіх сяброў нашай ініцыятывы, у першую чаргу Вінцука Вячорку і Вацлава Арэшку, з украінскага боку — Володзіміра В’ятровіча, загадчыка аддзелу УІНП Богдана Короленко і ўсіх супрацоўнікаў навуковай установы, а таксама перакладчыка Сергія Лашчэнка з Львова.
Дарэчы, наш гістарычны бел-чырвона-белы сцяг, пад якім адбывалася адкрыццё выставы, зараз упрыгожвае інтэр’ер аднага з кабінетаў супрацоўнікаў УІНП.
Джерело: Новы час |